9 сент. 2011 г.

Рух – гэта жыццё!


Гэтым летам давялося мала падарожнічаць, але тым не менш я бліжэй пазнаёміўся з горадам Ваўкавыскам, упершыню прагуляўся па вуліцах Гомелю, убачыў сваіх родных, было арганізавана некалькі пікнікоў – і лета скончылася. І на працягу верасня пойдзе аповед пра невялікія вандроўкі (летам нешта рукі не даходзілі да клавіятуры свайго наўтбука). А пакуль змяшчаю невялікую празаічную замалёўку пра тое, што “рух – гэта жыццё!”


 Рух – гэта жыццё

Люблю падарожнічаць. Здаецца, толькі тады, калі ты сядзіш у цягніку, глядзіш у акно на навакольны пейзаж – адчуваеш рух жыцця, і самае галоўнае – спрабуеш знайсці сваё месца ў гэтым упарадкаваным Сусвеце.
Седзячы ў хаце на канапе – губляеш сябе. Абыякавасць, будзённасць, шэрасць, аднатыпнасць скоўваюць цябе, і твая цікаўнасць не даходзіць далей перажыванняў за героя любімага фільма, а як толькі адпраўляешся ў вандроўку – твая свядомасць акамулюецца, і ты пачынаеш заўважаць тое, на што раней не звяртаў увагі. Новыя ўражанні, новыя адкрыцці, знаёмствы, сітуацыі, перажыванні – перапаўняюць нутро, яны нібы надаюць жыццю сэнс, дэманструюць, колькі прыгожага ты губляў, седзячы на канапе.  
Трэба ехаць, спяшацца, пазнаваць для сябе нешта новае; трэба прайсці па мясцінах, дзе раней жылі нашы продкі, пагаварыць са старымі людзьмі, простымі падарожнымі, каб набрацца мудрасці гадоў; трэба спасцігнуць нязведанае, адкрыць не адкрытае, пазнаёміцца з незнаёмым, каб яно стала любімым, тваім, каб унутры цябе нарадзіліся новыя пачуцці, думкі; трэба проста сядзець у цягніку, ехаць, глядзець на спадарожнікаў, спрабаваць зразумець іх жыццё, адчуць радасці і горасці, трэба знаходзіць людзей, на якіх трэба паходзіць, і людзей, якімі ні ў якім разе нельга станавіцца. Трэба адпраўляцца ў вандроўкі толькі дзеля таго, каб знайсці сваё месца ў Сусвеце. А як ты яго знойдзеш, калі не бачыў нічога навокал, ніколі не падарожнічаў, і пры выпадковым пытанні, дзе ты быў – апускаеш вочы на падлогу….
Рух – гэта жыццё, а сябе я спасцігаю толькі тады, калі куды-небудзь еду, крочу, да нечага імкнуся. Толькі тады мяне наведвае натхненне – і я пачынаю пісаць, што ў вандроўках мы адчуваем, што яшчэ камусьці ў гэтым жыцці патрэбны…

(Напісана ў цягніку Гродна – Ваўкавыск. На фота я каля помніка ў Гомелі.)  

Комментариев нет:

Отправить комментарий