7 авг. 2011 г.

Праект “Наччанін”

      Пачынаю новы інтэрнэт-праект пад назвай “Наччанін”. Праект роздумаў, пошукаў, разваг; праект знаходак і самакрытыкі; праект, у якім змесцяцца мае думкі, мае ўражанні, маё бачанне навакольнага асяроддзя. Гэта праект, у якім я выкажу сваё бачанне жыцця ў вёсцы Нача, раскажу пра свае крокі па нацкай зямлі, якія паспрабую асэнсаваць з вышыні свайго 25-гадовага ўзросту. Падзялюся сваімі ўспамінамі і фотаздымкамі, сваімі думкамі пра жыццё ў вёсцы, пагляджу сваімі вачыма на яе мінулае, сённяшнія будні і паспрабую заглянуць у будучае. Праект атрымаецца суб’ектыўным, але па магчымасці шчырым і праўдзівым. 
   




Акрамя гэтага на старонках гэтага праекта я прагуляюся па свайму роду, раскажу пра свае карані, сваіх родных, сваё сталенне і людзей, якіх з намі зараз няма, але яны жывуць ў нашых успамінах. Паспрабую трансфармаваць успаміны ў віртуальна-лічбавы тэкст, каб напісаныя словы змаглі захаваць кавалкі гісторыі для нашых нашчадкаў. Буду друкаваць даследаванні па вывучэнні гісторыі маёй сям’і.

Паспрабую ў праекце асэнсаваць творчасць, культуру, такія разуменні, як “Радзіма”, “край”, “каханне”, “Вера”, “Жыццё”, “паэзія”… Праект будзе насычаны маімі думкамі, якія нараджаюцца ў свядомасці. Спадзяюся, што сярод празаічных разваг з’явяцца і паэтычныя прамяні.

Навошта гэты праект, каму ён будзе цікавы? Спадзяюся многім. Асабліва сябрам, наччанам, выхадцам з начы і маім родным. Проста, па-першае, у нутры ўсё пасля доўгага застою патрабуе выйсця, а пісаць – гэта лепшы спосаб, каб выхляснуць унутраныя буры і знайсці адказы на пастаўляныя жыццём пытанні… Па-другое, можа каму-небудзь будуць цікавы думкі, камусьці, хто шукае адказ, будзе цікава адшукаць яго ў пары. А родным пачытаць пра свой радавод. Можа для кагосьці праект стане матывацыяй задумацца над некаторымі пытаннямі, якія я паспрабую закрануць на старонках сваіх віртуальных “мемуараў”. Тым больш, што мне хочацца пісаць, а лепшая матывацыя пісаць – калі цябе чытаюць. Як сказаў адзін вялікі чалавек (прабачце, не памятаю прозвішча): “Калі хоць аднаму чалавеку цікава тое, што ты напісаў – значыць гэта ўжо не дарэмна!”

Спадзяюся, і вам будзе цікава чытаць мае, выкладзеныя на віртуальную паперы, нататкі. Спадзяюся, што сказаныя мной словы будуць не выпадковыя, і яны знойдуць сваё пачэснае месца ў Сусвеце…

P.S. Заўсёды пішаш пра тое, што цябе зараз хвалюе… а мяне хвалюе жыццё маёй вёскі, я хачу ведаць усе свае карані, хачу на невялікім адрэзку свайго маладога жыцця асэнсаваць свае крокі, каб вызначыць у якім накірунку ісці далей…

Комментариев нет:

Отправить комментарий