Зусім нядаўна даведаўся, што 31 ліпеня гэтага года не стала былога рэктара Універсітэта культуры і мастацтваў Ядвігі Дамінікаўны Грыгаровіч. Гэта была вельмі светла, добразычлівая, шчырая, адукаваная жанчына. Жанчына, якая падтрымлівала развіццё беларускай мовы і сама заўсёды гаварыла па-беларуску, дзякуючы якой у сценах Універсітэта культуры жыла беларуская самабытнасць.
За час вучобы даводзілася некалькі разоў сутыкацца з ёй, гаварыць, і гэтыя невялікія сустрэчы аказалі на мяне вялікі уплыў. Гэта жанчына стала адным з тых людзей, якія сталі прыкладам адданасці сваёй мове, культуры, і стала адной з тых, хто паўплываў на маю беларускасць.
Хачу прыгадаць адну сустрэчу з ёй. Дакладна не памятаю, які гэта быў курс. Мы з куратарам ладзілі канцэрт ва Універсітэце (здаецца гэта была Інаўгурацыя). Мы, студэнты, працавалі асістэнтамі рэжысёра, і ў адным з эпізодаў я быў адказны за своечасовы выхад на сцэну рэктара універсітэта Ядвігі Дамінікаўны. Мы стаялі за кулісамі. І яна першая запытала ў мяне, хто я, адкуль родам, дзе навучаюся… Тады яшчэ гаворачы па-руску, я з задавальненнем у размове з ёй перайшоў на родную беларускую мову. Мы крыху пагаварылі, а перад выхадам на сцэну яна мне пажадала поспеху і сказала фразу, якая запала мне ў сэрцы і пазней стала вызначальнай у маім лёсе. “У цябе такія прыгожыя вочы васільковага колеру,” - сказала яна, і дзякуючы гэтай фразе пазней нарадзіўся верш “Анёл з васільковымі вачыма”, які стаў заглаўным да маёй першай кнігі вершаў…
Вельмі часта мы па жыцці сустракаем людзей, якія натхняюць нас, нечаму вучаць, з’яўляюцца прыкладамі, сустрэчы з якімі з’яўляюцца вельмі важнымі ў нашым жыцці, хоць часам і бываюць вельмі кароткімі. Я дзякую лёсу, што ён пазнаёміў мяне з гэтай светлай жанчынай, і шкада, што так рана яе не стала… Светлая памяць вам, Ядвіга Дамінікаўны Грыгаровіч!
Хацелася б таксама прыгадаць словы паэта Генадзя Бураўкіна: “Ядвіга Дамінікаўна не магла не запомніцца кожнаму, хто з ёю знаёміўся ці бачыў яе здалёк. Прыгажуня з вельмі разумнымі вачамі, аптымістычны, вясёлы чалавек, які тонка адчуваў гумар... Акрамя ўсяго іншага і чалавек з моцным характарам. Калі Ядвіга Дамінікаўна ўзначаліла універсітэт культуры – тады ён называўся інстытутам культуры – у мяне з’явілася не толькі глыбокая павага да яе, а можна сказаць захапленне. Аказалася, што ў яе выдатны арганізатарскі талент, выдатнае веданне нашай гісторыі, літаратуры і мастацтва. У той час, калі ў яе на пасадзе рэктара была пэўная свабода дзеянняў, універсітэт стаў адным з самых яркіх асяродкаў у Беларусі. Ядвіга Дамінікаўна падтрымлівала таленты, спрыяла развіццю эстрады, прычым беларускай, нацыянальнай.”

Комментариев нет:
Отправить комментарий