Змяшчаю вытрымкі з газеты да 50-годдзя сумеснага жыцця дзядулі Антона і бабулі Ганны, які караценька расказвае пра радавое дрэва сям’і Янкоўскіх.
Цікава ведаць сваіх продкаў, свой радавод. І гэта невялікая спроба прапісаць продкаў сваёй сям’і. Радавод прапісаны на ўспамінах дзядулі Антона і бабулі Ганны. Але самае цікавае, што ў нашай сям’і ёсць невялікая легенда, якую паведаў нам дзядуля, ён у сваю чаргу пачуў яе ад сваіх бацькоў:
Даўно на тэрыторыю сучаснай Беларусі з Польшчы прыехалі тры браты, адзін з іх атрымаў зямлю ў Шлавенцах, другі – у Забалаці, а трэці – у Якубаўцах. У хуткім часе з сямей двух братоў нікога не засталося: хто выехаў з гэтай мясцовасці, а хто памёр. Засталіся толькі нашчадкі брата са Шлавенцаў, ад якога і пайшоў наш род. Імёны гэтых братоў з часам згубіліся, засталася толькі легенда прыезду сям’і на Беларусь.
Імёны наступнага пакалення таксама цяжка зараз узгадаць, а вось далей у дзеда маецца метрыка шлюбу прыкладна за 1820 год Антона Янкоўскага з жанчынай па прозвішчу Кукліс. Шлюб даваў ксёндз Заблоцкі. Тады толькі пабудавалі новы цагляны касцёл. Пасля гэтага калена ідзе падрабязны радавод. Далей сын Антона Ігнат (ён жа дзядуля нашага дзядулі Антона) быў знакамітым кавалём, “…там на месцы працаваў, меў сваю кузню, свой інструмент. І добра жыў, бо кузнец тады быў патрэбен. Ён усё рабіў: і вазы, і саху, і плугі, карыстаўся павагай.” Ён ўзяў шлюб з Мазуркевіч Ганнай з фальварка “Нікадамова” (зараз фальварак скасаваны). Бацька дзядулі Антона – Мірон нарадзіўся ў 1900 годзе і пазней узяў шлюб з Ганнай Гук з вёскі Курлі Шчучынскага раёна. У іх нарадзілася 6 дзяцей: старэйшы Антон (наш дзядуля), Марыя, Гелена, Мірон, Сабіна і Вячэк (памёр у 4 гады). Абодва працавалі на зямлі. Мірон служыў у конскай кавалерыі, а пазней, падчас ВАв, у рабочым батальёне ў Варшаве. А вось род Ганны Гук паходзіць з Малдавіі. Яе бацьку яшчэ маладога забралі ў армію, а было гэта ў царскія часы, тады бралі на 20 год. І паслалі яго ў Малдавію.Там ён працаваў, быў афіцэрам і там ажаніўся. Нарадзілася ў іх сям’і трое дзяцей: матка, маткі сястра ў Вугальніках і брат. Бацькі іх паўміралі, вось яны і вярнуліся сюды, на радзіму свайго бацькі. Тут бацька мой і пазнаёміўся з Ганнай Гук.
Далей дзядуля Антон сустрэў бабулю Ганну. Яе дзядуля Васіль Казлоўскі родам з Польшчы, а бацька Павел ажаніўся на Марыі Луцэвіч, у іх нарадзілася 4 дзяцей : Віця, Іван, Лена і бабуля Ганна. Радавод бабулі менш вядомы, бо як казала яна сама: у маладосці не цікавілася, а як прыехала сюды, то цэлае жыццё тут пражыла, і не было ў каго пытаць.
Затое далей добра вядомыя ўсім людзі. У Антона і Ганны нарадзілася трое хлопчыкаў: Юра, Віця і Лёня. З часам Юра ажаніўся на Ірыне з роду Куліс, а Віця на Зоі з роду Рэнашко. У Юры і Іры нарадзілася тры сыны: Антон, Андрэй і Аляксандр. У Віці і Зоі дзве дачкі: Віка і Каця. Гэта наступнае і пакуль апошняе калена ў сямейным радаводзе.
На фота: у Забалацкім касцёле, 50 год сумеснага жыцця дзядулі Антона і бабулі Ганны, іх дзеці, навесткі, унукі…

Комментариев нет:
Отправить комментарий