Вось ужо тры гады не бачыў двух сваіх аднакурсніц: Ганну Песіну і Таццяну Шруб (цяпер Макарэвіч). І гэтым летам вырашыў вырвацца з паўсядзённасці – і наведаць сваіх любімых дзяўчат! Забягаючы наперад, магу сказаць, што час правёў вельмі цікава, але пра ўсё падрабязней. Першая мая нататка будзе прысвечана знаёмым з Мінска. У сталіцы я правёў свой першы дзень падарожжа, і пабачыў людзей, якіх таксама больш чым тры гады не бачыў!
Падчас вучобы ў Мінску амаль кожнае лета працаваў у летніках. Тут мяне лёс і звёў з двума цікавымі людзьмі : Вольгай Салавей (зараз Новікава) і Эльвірай Мікалаеўнай Нікіцінай! Мы з Вольгай зтэлефанаваліся і ўдвух наведалі Эльвіру Мікалаеўну. Так прыемна было ўбачыць гэтую вясёлую, жыццёлюбівую, добрую жанчыну. Падчас размоў і ўспамінаў, захацелася зноў папрацаваць у летніку, але менавіта ў той старой кампаніі.
Ёсць людзі, якіх ты па жыцці губляеш і пазней нават не цікавішся іх жыццём, а ёсць такія, якіх нават праз вялікую колькасць год хочаш пабачыць і пагаварыць. Даведацца, як жыццё, як справы, што новага. Расказаць пра сваё жыццё. Наша размова добра зацягнулася, выпілі некалькі кубкаў кавы, шэраг тэм, і, здаецца, як і не было гэтай часовай адлегласці. Вось учора мы сядзелі на лаве каля ўваходу ў корпус і гаманілі пра тое, што будзем рабіць на гэтай змене.
Здаецца, менавіта праца ў летніку дала мне ўпэўненасці пасля заканчэння Універсітэта культуры і мастацтваў працаваць выкладчыкам. Ужо быў вялікі педагагічны вопыт за плячыма, і атрыманым ведам у летніках я ўдзячны першапачаткова Эльвіры Мікалаяўне. Такіх старэйшых педагогаў вельмі мала. Разумная, ветлівая, мудрая, вясёлая – яна заўсёды стварала вакол сябе каманду прафесійных выхавацялей, і дзеці пад яе пачаткам аб’ядноўваліся ў адзін магутны калектыў.
Спадзяюся, ніці нашых лёсаў не разыдуцца, і давядзецца яшчэ як-небудзь сустрэцца і пагаманіць!
P.S. А напрыканцы прагулкі па Мінску сустрэў сваю стрыечную сястру Віку, з якой мы схадзілі на піцу. А далей мяне чакаў цягнік на Гомель…
На фота Вольга і Эльвіра Мікалаеўна, я, Інэса Станіславаўна (фотаздымак з нашай працы ў летніку “Электрон”).




Комментариев нет:
Отправить комментарий